Кандрат Крапіва (1896 - 1991)

Кандрат Крапіва (сапр.: Кандрат Кандратавіч Атраховіч) - беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок. Потым, з уласцівым яму гумарам, Кандрат Крапіва зазначыць: “У сям’і майго бацькі, Кандрата Міхайлавіча Атраховіча, гэта была выдатная падзея: нарадзіўся наследнік...” Нягледзячы на тое, што спадчына была зусім невялікая, бацьку Кандрата ўсё ж хваляваў яе лёс, бо з васьмярых братоў і сясцёр, што нарадзіліся раней за Кандрата, у жывых засталіся толькі дзве сястры, ды і тое, адна з іх хутка памерла. Як зазначыў далей Кандрат, “...каб застрахаваць мяне ад такога ж лёсу, бабулькі параілі даць мне імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам...”

Далей было самае звычайнае, тыповае для таго часу жыццё вясковага хлопчыка: спачатку яго насілі на поле ў калысцы, потым ён сам хадзіў, “учапіўшыся за матчын падол...”, затым пасвіў свіней, кароў, у чатырнаццаць год пайшоў за плугам, пачаў касіць. Ды і адукацыю ён атрымаў самую звычайную: у сем год пайшоў у царкоўнапрыходскую школу, праз чатыры гады яе скончыў, навучыўшыся чытаць, пісаць, лічыць. “Бацька вырашыў, што гэтай прамудрасці аж занадта для таго, каб кіраваць гаспадаркай, у якой і да ста лічыць няма чаго”.

Можа, так і застаўся б будучы пісьменнік малаадукаваным чалавекам, каб не адзін трагічны выпадак: памерла яго маці. Бацька вырашыў ажаніцца другі раз. Новая сям’я, новая гаспадарка, новы нашчадак... Кандрату нічога не застаецца, як “ісці ў людзі”, працягваць далей сваю адукацыю. І вось, пасля гадовага перапынку, ён зноў у школе: апошні клас народнага вучылішча ў мястэчку Узда. У наступным годзе – другі клас чатырохкласнага вучылішча ў мястэчку Стоўбцы. Вучоба давалася даволі лёгка, але ... “на гэтым і абмяжоўваўся мой культурны рост”. І вось тут даволі характэрная, тыповая карціна парушаецца: цяга да асветы бярэ верх, і Кандрат, правучыўшыся два гады, пакідае Стоўбцы і паступае ў такое ж вучылішча ў Койданаве. Паміж гэтымі вучылішчамі было адно маленькае, але істотнае адрозненне: у Койданаве была багацейшая бібліятэка. Тут Кандрат старанна вучыцца і шмат чытае. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя спробы пяра: шаржы на сяброў і вершы, прасякнутыя “сусветнай тугой”. Ён нават дасылае адзін з такіх вершаў у часопіс, але... Атрымаўшы адмоўны адказ, юнак пакідае займацца гэтай справай на цэлых восем гадоў.

У 1913 годзе Кандрат закончыў койданаўскае вучылішча, але не атрымаў ніякай спецыяльнасці. Усё лета ён працаваў на гаспадарцы, дапамагаў бацьку, сям’і. Трэба было думаць, як жыць далей: у бацькі было няшмат зямлі, няма чаго было разлічваць на ўласны куток, на свой надзел. Восенню, пазычыўшы ў суседа тры рублі, Кандрат накіраваўся ў Мінск, здаваць экстэрнам экзамены на званне народнага настаўніка. Здаў экзамены і, шчаслівы, вярнуўся дадому, але быў ужо кастрычнік, таму ён не змог уладкавацца на працу (не было свабодных месцаў). Таму зімой і вясною ён ездзіў з бацькам на заробкі. Восенню 1914 года яго накіравалі настаўнічаць у в. Мнішаны. Але працаваць тут давялося толькі адзін школьны сезон.

З 1914 года пачалася першая сусветная вайна Была аб’яўлена мабілізацыя, дарослых мужчын бралі ў армію і пасылалі на фронт. Дайшла чарга і да Кандрата. Яго накіравалі ў школу прапаршчыкаў у Гатчыне, з якой, праз тры месяцы, ён выйшаў маладым афіцэрам. “Аб гэтым сведчылі не столькі мае вайсковыя веды, колькі новае абмундзіраванне, рэвальвер у кабуры і шашка пры баку, якая з непрывычкі замінала мне хадзіць”. Затым быў фронт у Румыніі. Будучы пісьменнік даслужыўся спачатку да паручніка. А потым і да капітана.