Эпиграммы

* * *

—      Якой  ты  даў атруты  мухам,

Што  ўсе  ў цябе  павыдахлі яны?

—      Я ?

Прачытаў   iм  “Сокі  цаліны”.

                           Кандрат  Kpaпіва

          

        Раман  Цішкі  Гартнага   “Сокі  цаліны”  крытыкавалі  за  кампазіцыйную рыхласцъ,  aпісальнасць  i  зацягнутасць  апошніх  кніг.

 

* * *

 

КРЫТЫЧНЫ АБОЗ

Што  дае  так  моцна  ў  нос,

Што  за  шум,  за  грук?

Едзе  з  крытыкай  абоз,

Ім  кіруе  дзядзька  Друк.

 

Паглядзіце,  каля  бочкі  

Завіхаецца  Глыбоцкі,

А Цвяткоў  і  Байкоў

Падтрымоўваюць  з  бакоў.

Гэй,  Барашкі  і  Мурашкі,

Падстаўляйце  свае  ражкі,

Бо  высокі  крытык Функ

Адтыкае  ў  бочцы  шпунт.

                                  Кандрат Крапіва

 

      “Крытычны  абоз”  Кандрата  Крапівы  дасціпна  прайшоўся  адразу  па  пяцярых  творцах,  маючы  на  ўвазе   іх  спулачнасць,  “язду  ў  адных  аглоблях”. Рассакрэцім  іх  псеўданімы:  Сымон  Друк —  Цішка Гартны /Жылуновіч/; Тодар  Глыбоцкі — Алесь Дудар;  Л.Цвяткоў і М.Байкоў — аўтары літаратурна-крытычных  артыкулаў;  І.Барашка,  Р.Мурашка  —  пісьменнікі, члены  БелАПП; Функ—сапраўднае прозвішча пісьменніка-крытыка  А. Гародні.

 

* * *

 

Раз  Аркаша  Куляшоў 

Да  Парнаса  падышоў:

Эх,  высока    штосьці,

Лепш  згуляць  у  косці*.

                                 Кандрат  Крапіва

               (* Маецца  на  ўвазе  Даміно.)

 

      Аркадзь Куляшоў у літаратуры працаваў непаспешліва, хоць і грунтоўна. Творчасць  ён  ніколі  не  супрацьпастаўляў  і  жыццёвьім  уцехам. 

 

* * *

 

Ратуйцеся, хто  можа,  братцы:

Лынькоў  засеў  на  свінаматцы!

                                  Кандрат Крапіва

 

       Калі Саюзам пісьменнікаў кіраваў Міхась Лынікоў, быў наладжаны выезд творчых брыгад у калгасы  рэспублікі.  Вярнуўшыся,  пісьменнікі  сабраліся  на сход, каб абмеркаваць вынікі паездкі. Са справаздачай выступіў Міхась Ціханавіч. Iтак захапіўся, зацягнуў яе, што прысутныя зашумелі, зашушукаліся.Надта спадабаліся пісьменніцкаму старшыні калгасныя свінафермы.  Не сцярпеў і К. Крапіва:  тут  жа чыркнуў  на  паперы  некалькі радкоў  і  перадаў іх у прэзідыум.

 

* * *

 

На  варштаце твораў шмат  —

I...  стаіць  сабе  варштат.

Без  варштату жыву я

Ды  ўсё цісну  “Салаўя”.

Прыпеў:

Салавей,  салавей,  пташачка,

Канарэечка  жалабна  пяець...

                               Кандрат Крапіва

      

      Гэта  эпіграма  з’явілася  ў  другім  нумары  часопіса  “Заклік”   у  1933  годзе  пасля таго,  як пайшлі чуткі, што Змітрок Бядуля “забуксаваў”,  творачы свайго “Салаўя”.

 

* * *

 

Цябе  вітае  гурт  сяброў!

Жаніся,  в’юнаш,  будзь  здароў!

I  не  дрыжы  прад  брачным  ложам,

Не  бойся  цяжкасцяў:  паможам.

                              Кандрат Крапіва

     

       А  гэтыя  радкі  Пімен  Панчанка  назваў  “пісьменніцкім фальклорам".  Ад імя  ўсіх  сваіх  сяброў  Кандрат  Кандратавіч  напісаў  іх  у  дзень  вяселля Міхася  Лынькова  з  Сафіяй  Захараўнай (Зосяй).

 

* * *

 

Я  не  меньшы  ад  Камейшы

I   не  горшы  ад  Рагойшы,

Ды  прабіцца  не  ўдаецца

Ні   ў  Саюз,   ні  ў  выдавецтва.

                                   Кандрат Крапіва

 

       Пашэнціла  і  мне, грэшнаму,  трапіць  у  падобныя  “шчасліўцы”.  Ды не мне  аднаму,  а  на  пару  з  Вячаславам  Рагойшам.

      Недзе ў канцы 1980-х гадоў трапілася ў рукі газета “Літаратура і мастацтва”.  Пачынаю,  як заўсёды,  яе разглядаць з  апошняй  старонкі  і адразу спыняюся  на радках  Кандрата  Крапівы.  Учытваюся  —  і  не  ведаю, як  быць:  ці  смяяцца,  ці  радавацца. Тут  жа пра  мяне...

     Сябры і  сёння  смяюцца:  “Ну,  як цябе... Крапіва?”

 

* * *

 

Хто  над  слоўнікам  сапе

У  інстытуце  дзесьці?

Гэта  Глебка  сеў  на  “П”

I  не  можа  злесці.

                         Кандрат Крапіва,

                        Аркадзь Куляшоў,

                       Максім Танк

 

       1952 год.  У  Інстытуце  мовазнаўства  Акадэміі  навук  працягваецца  праца   над  руска- бсларускім слоўнікам. Яго  выхаду  даўно чакаюць настаўнікі,  студэнты,  вучні, усе  зацікаўленыя  людзі. А ў Пятра Глебкі, аднаго  з  рэдактараў  выдання,  справа затармазілася.  Дайшоў  да  самай  цяжкай літары  “П",  з  якой  пачынаецца  і  ягонае  імя,  —  і  тут  заела.

      Злуецца яго кіраўнік, заўсёды бескампрамісны  і прынцыповы зямляк Кандрат  Крапіва.  А  злосць, як вядома, павінна  ў  рэшце  рэшт у  нешта выліцца.  Далей  звернемся  да  дзённікаў  Максіма  Танка.  У  запісе  ад 28 сакавіка 1952  года  чытаем: “На  сесіі  Вярхоўнага Савета  склалі  —  Кандрат,  Аркадзь  Куляшоў   і  я   —   эпіграму  на  П.  Глебку,  які  некалькі гадоў  усё  сядзіць  над  слоўнікам  і  зараз  спыніўся  над  літарай  “П”.

 


Крыніца:  Беларуская эпіграма  /  склад.  К.  Камейша.   Мінск:  Беларус.  Энцыкл.  імя  П. Броўкі,  2013.   144  с.   Старонкі  21, 22, 23, 24, 25, 45