Жывое слова пра пісьменніка

"Ёсць людзі, якія маюць быццам не адно жыццё, не адну біяграфію, - жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы, чалавек тады не бяднее, а наадварот – узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам – сапраўдным сынам народа – мы называем і Кандрата Крапіву."

Янка Брыль


“Крапіва, безумоўна, вялікі майстар байкі і камедыі, але ён і добры лірычны паэт, і цудоўны бытапісец. Дыяпазон яго творчасці вельмі шырокі, таму што пісьменнік шырока глядзіць на жыццё і глыбока пранікае ў яго тайнікі: ён бачыць у ім і гераічнае, і трагічнае, і смешнае”

Пятро Глебка


“Можна зайздросціць пісьменніцкаму шчасцю Кандрата Крапівы, але разумней будзе вучыцца ў яго. А вучыцца ёсць чаму, бо Крапіва Кандрат Кандратавіч з тых старэйшых пісьменнікаў, у якіх ёсць чаму вучыцца – гэта школа літаратурная, школа навуковая, школа чалавечая”

Алесь Петрашкевіч


"Кандрат Кандратавіч Крапіва – адзін з папулярнейшых і славутых пісьменнікаў нашай рэспублікі. Вясновыя галасы зямлі – у ягоным голасе, ясныя промні – у яго шчырым сэрцы: доля народа, Радзіма жыве, іскрыцца ў яго творах”

Антон Бялевіч


“Уся творчасць К. Крапівы трывала сваімі карэннямі звязана з лёсам народа, вырасла з самага жыцця, шчодра, шаноўна і ўмела ўвабрала ў сябе невычарпальнае багацце жывой народнай мовы, сілы і мудрасці народнай”

Антон Бялевіч


“Стыхія камічнага, якая выбухнула ў крапівінскім таленце, была такой напорыстай, магутнай, што адразу забяспечыла паэту-сатырыку самую шырокую і ўдзячную аўдыторыю. Рагатала ўся Беларусь: байкі, вершы Кандрата Крапівы чыталі, атрымаўшы свежую газету і пасеўшы на прызбе, вясковыя дзядзькі, без іх не абыходзіліся самадзейныя спектаклі, сходкі, з крапівінскімі прыпеўкамі ішлі ў наступ за новы быт рашучыя камсамольцы дваццатых і трыццатых гадоў”

Іван Навуменка


“Ён кожнаму з нас падарыў “акуляры”, якія дапамагалі бачыць свет смешным”

Мікалай Матукоўскі


“Мы, купалаўцы старэйшага пакалення, з вялікай удзячнасцю і пашанай ставімся да Кандрата Кандратавіча – мага, чараўніка, які ўзбагаціў нашы душы, веды, абудзіў у нас жаданне ствараць дабро, служыць людзям”

Здзіслаў Стома


“Калі б не было Кандрата Кандратавіча, то і мяне не было б, а, можа, і ўсіх нас...”

Андрэй Макаёнак