Кандрат Крапіва (1896 - 1991)

У пасляваенны час, калі неабходнасць у газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну” адпала, яна спыніла сваё існаванне. Але пачаў выходзіць часопіс “Вожык”, арганізатарам якога стаў Кандрат Крапіва. 
У пасляваенныя гады былі экранізаваны творы Кандрата Крапівы. Экранізацыі садзейнічалі творчаму супрацоўніцтву з кінематаграфістамі тэатральных акцёраў і рэжысёраў, мастакоў, кампазітараў. Без гэтага цяжка было разлічваць на аднаўленне разбуранай вайной кінавытворчасці рэспублікі.

Наўрад ці ўзяўся б за сцэнарную справу старэйшы беларускі сатырык і драматург, Кандрат Крапіва, калі б не аўтарытэт пастаноўшчыка “Першага ўзвода”, “Шукальнікаў шчасця”, “Майго кахання”, і іншых фільмаў, Уладзіміра Корш-Сабліна. Майстры давяралі адзін аднаму, і на экране з’явіліся дзве кінакамедыі – лірычная “Пяюць жаваранкі” (1953) і сатырычная “Хто смяецца апошнім” (1954).

Драматург і рэжысёр, хаця і ўлічвалі тэатральныя пастаноўкі гэтых п’ес, мелі на ўвазе артыстаў-купалаўцаў як выканаўцаў галоўных ролей і ў фільмах, усё ж, не “прывязвалі” дзеянне да сцэнічнага. Яно выносілася на рэальныя месцы падзей, перайначваліся мізансцэны, скарачаліся дыялогі, рэмаркі разгортваліся ў эпізоды. У названых карцінах паводле п’ес Кандрата Крапівы было, як кажуць, больш “кінематаграфічнага паветра”. Але цалкам яны не адарваліся ад сцэнічнага характару дзеяння – асабліва ў скарыстанні дыялогу, манеры акцёрскай ігры, ды і трактоўцы вобразаў. Зноў адчуваўся нейкі “гібрыд” тэатральнага і кінематаграфічнага мастацтва.

У кінастужцы “Пяюць жаваранкі” рухавіком дзеяння застаўся канфлікт паміж двума метадамі кіраўніцтва сельскай гаспадаркай, спрэчкі двух калгасных старшынь – Пытляванага і Туміловіча. Экранізатары не разбурылі малюнак вобразаў, створаны майстрамі купалаўскай сцэны У. Дзядзюшкам і Б. Платонавым. Яны толькі крыху адцяснілі іх ад пярэдняга краю дзеяння, вызваляючы месца для маладой калгасніцы Насці Вярбіцкай (Л. Драздова) і агранома Міколы Верася (І. Шаціла), якія кахаюць адзін аднаго і часта сварацца. І не толькі з-за ганарлівых сваіх характараў. Канфліктавалі і па калгасных справах. А завяршылася ўсё вяселлем.

Не аднаму пакаленню вядома сатырычная камедыя Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Гарлахватчына і выкрыццё яе – галоўная тэма фільма. У вырашэнні гэтай з’явы стваральнікі фільма не ва ўсім скаваныя сцэнічнай традыцыяй. Гарлахвацкі, Туляга, Зёлкін, Чарнавус – кожны з персанажаў удакладняецца па моўнай характарыстыцы, матывах учынкаў. Выканаўцы ролей Гарлахвацкага (Л. Рахленка) і Тулягі (П. Глебаў) іграюць так, што за кожным з іх герояў угадваецца сацыяльны і псіхалагічны тып, а за імі – асяроддзе 50-х гадоў. На фоне па-свойму маштабнай фігуры Гарлахвацкага карыкатурна спрошчанымі выглядаюць Зёлкіны. Артысты Б. Платонаў і З. Браварская адкрыта дэманструюць іх нікчэмнасць. Гарлахвацкі – прадукт бюракратычнай сістэмы кіравання навукай – сваю бяздарнасць прыкрывае агалцелым нахабствам, супраць яго і скіравана джала сатыры. Зусім іншы Туляга – сарамлівы, па-дзіцячаму наіўны. Такога і запалохаць падабенствам з “дзянікінскім палкоўнікам” можна. Гарлахвацкі і Туляга – антыподы, а паміж імі – станоўчы герой – прафесар Чарнавус (У. Уладамірскі). На жаль, вобраз яго схематычна акрэслены ў сцэнарыі, такім ён  застаўся і ў фільме.

Асобную лінію (не толькі сюжэтную, сэнсавую, але і стылістычную) складаюць маладыя вучоныя Вера і Левановіч (Л. Драздова і І. Шаціла). Яны для аўтараў – ідэал савецкага  чалавека, яго адносін да жыцця і справы, якой займаюцца. Аднак адна справа – сімпатыі да герояў, другая – ступень мастацкай пераканаўчасці. У камедыі “Хто смяецца апошнім” гэтыя параметры не супадаюць. Любыя сэрцу рэжысёра героі не арыгінальныя як мастацкія вобразы. 

Просталінейнасць вырашэння сюжэтных ліній і некаторых вобразаў не дазволіла камедыі “Хто смяецца апошнім” узняцца да ўзроўню паўнацэннага мастацкага твора, хаця і сам жанр, і прафесійны вопыт выканаўцаў давалі аснову для гэтага. Дэкларацыя замест мастацкай абгрунтаванасці адчуваецца ва ўсёй лініі навуковых спрэчак. Зноў атрымалася так, што п’еса, перапрацаваная для кіно, не ператварылася ў аріганальны кінатвор.

З 1947 года пісьменнік – загадчык сектара мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР.  Калі ў 1952 годзе быў створаны асобны Інстытут мовазнаўства, ён стаў дырэктарам гэтага інстытута на чатыры гады. У гэты ж час пісьменнік актыўна займаецца пытаннямі беларускага мовазнаўства. У 1953 годзе яму прысудзілі ступень доктара філалагічных навук. Усё сваё далейшае жыццё Кандрат Крапіва прысвяціў навуцы, але не забываўся і пра літаратурную дзейнасць.

У 1956 годзе К. Атраховіча абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР; на гэтай пасадзе ён прабыў да 1982 года, калі яго, па ўласнай просьбе, перавялі на пасаду старшага навуковага супрацоўніка-кансультанта. Ён курыраваў усе грамадскія навукі, займаўся шматлікімі адміністрацыйнымі пытаннямі, удзельнічаў у розных нарадах, пасяджэннях. На працягу многіх гадоў яго выбіралі дэпутатам Вярхоўнага савета БССР, у кіруючыя партыйныя органы.

У 1976 годзе, калі Кандрату Крапіве было 76 год, выйшла п’еса “Брама неўміручасці”. Выхад гэтай п’есы не быў звычайнай сенсацыяй. Яна прымусіла гаварыць пра сябе вельмі шырока і вельмі зацікаўлена. Гэты твор уразіў чытачоў, а потым і гледачоў, нейкім касмізмам, глабальнасцю праблематыкі. Узлёт пісьменніцкай думкі настолькі высокі, што часам страшнавата з той вышыні заглядаць у бездань чалавечай душы, якая з вышыні і бачыцца лепш, яскравей. Драматург прапануе публіцы вясёлы і ў той жа час вельмі сур’ёзны роздум аб чалавечнасці і неўміручасці. Камедыя “Брама неўміручасці” пісалася вельмі працяглы час. Гэта, здаецца, адзін з самых асабістых твораў пісьменніка. Фармальна драматург не выведзены ў п’есе, аднак яго прысутнасць адчуваецца за кожнай рэплікай, за выяўленнем сімпатый і антыпатый. Уражвае дакладнасць і канкрэтнасць апісання навуковай установы, дзе адбылося выдатнае адкрыццё.

“Брама неўміручасці” стала для Кандрата Крапівы п’есай-пераадоленнем. Пераадоленнем ранейшай творчай манеры, прывычных выяўленчых прыёмаў і інш. Характэрна тое, што гэта пераадоленне не адэкватна адмаўленню: у тыпалагічным плане паміж “Брамай неўміручасці” і ранейшымі п’есамі драматурга засталося вельмі многа агульнага.

Акрамя літаратуры, ён шырока распрацоўваў пытанні мовазнаўства. Пад яго рэдакцыяй былі выдадзены:

  • у 1953 годзе Руска-беларускі слоўнік (пад агульнай рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі);
  • пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы – Беларуска-рускі слоўнік (каля 90.000 слоў);
  • другое выданне Руска-беларускага слоўніка (2 тамы);
  • тлумачальны слоўнік беларускай мовы і інш.

У 1975 годзе Кандрату Крапіве было нададзена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы, а ў 1978 г. – заслужанага дзеяча навукі БССР. 

Вось такім было жыццё нашага славутага земляка, які скончыў свой зямны шлях 7 студзеня 1991 года.