Материалы

Кандрат Крапіва – байкапісец

Аксенчык Юлия, 9 клас

Літаратурнаядзейнасць нашага знакамітага земляка была разнастайная і шматжанравая, але варта адзначыць, што байкі – вяршыня шматграннай паэтычнай творчасці Кандрата Крапівы. Мінуў не адзін дзясятак год з часу іх напісання, а яны і сёння з'яўляюцца дзейсным сродкам выкрыцця ўсяго таго, што перашкаджала рухацца наперад, і захапляюць сваёй мудрасцю, прыгажосцю, свежасцю мастацкіх форм і мовай.

У класічны фонд беларускай літаратуры ўвайшлі яго байкі: "Вол і Авадзень", "Варона- мітынгоўшчыца", "Каршун і
цецярук", "Дыпламаваны баран",”Ганарысты Парсюк”, "Сава,
Асёл ды Сонца" і інш.

Пачынаючы з другой паловы дваццатых гадоў выходзілі яго зборнікі баек "Біблія" (1926), "Байкі" (1927), "Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў" (1930), "Ухабы на дарозе" (1930), "Смех і гнеў" (1946), "Жаба ў каляіне" (1957) і  іншыя.

Выкрыццё нейкай заганы праз смех больш дзейснае, чым проста указанне на гэтую загану. На такi метад людзi звычайна рэагуюць хутчэй. Напэўна, так думаў i сам паэт, таму самых злосных парушальнiкаў дысцыплiны ён рабiў героямi сваiх баек.

К. Крапіва выйшаў з народнай гушчы, з сялянскага асяроддзя. Народная мудрасць, багаты жыццёвы вопыт народа, што вякамі накопліваліся і атрымлівалі сваё мастацкае жыццё ў фальклоры, з малых гадоў уваходзілі ў свядомасць будучага пісьменніка. К. Крапіва грунтоўна вывучаў фальклорную спадчыну беларускага народа. Будучы студэнтам першага курса БДУ, ён напісаў вялікую працу «Беларускія прыказкі», у якой раскрыў велізарнае значэнне прыказак і прымавак у жыцці народа.

Народны погляд пісьменніка на рэчаіснасць, шырокае выкарыстанне фальклору, прыказак і прымавак надавалі мове і стылю яго баек народны характар і каларыт, давалі магчымасць сатырыку эканоміць слоўны матэрыял.

У аснове многіх баек К Крапівы ляжыць прыказка: «Баба з калёс — каню лягчэй» («Дзед і баба»), «Вялікаму каню — вялікі хамут» («Саманадзейны конь»). Для некаторых баек і сатырычных вершаў пісьменнік бярэ прыказкі ў якасці загалоўкаў твораў — «Еш, дурань, бо то з макам», «Давялося свінні на неба глядзець».  К. Крапіва імкнецца да сэнсавай якасці, да ўласцівага прыказцы лаканізму, і таму многія трапныя, «крылатыя» выразы з баек беларускага сатырыка, асабліва канцоўкі твораў, у сваю чаргу ператварыліся ў прыказкі і прымаўкі, сталі афарызмамі: «Другі баран — ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана, заслуг жа — як у зайца», «Другі Баран ні «бэ» ні «мя», а любіць гучнае імя», «Як ты свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч», «Кіраваць-то ты кіруй, ды не вельмі тузай»  і інш.

Выкарыстоўваючы ў творах народную прыказку, К. Крапіва ў першую чаргу звяртае ўвагу на яе мараль: пры гэтым у адным выпадку прыказка непасрэдна ўводзіцца ў тэкст байкі, у другім — сэнс прыказкі пранізвае ўвесь твор, ляжыць у яго аснове, хоць самой прыказкі чытач тут не знаходзіць.

Байкі К. Крапівы, як і ўсе яго сатырычныя творы, вызначаюцца прастатой стылю, выразнасцю і трапнасцю сатырычных характарыстык, будуюцца, як правіла, на матэрыяле, узятым з жыцця і быту беларускага селяніна. Адсюль і нацыянальны беларускі каларыт, якім яны прасякнуты.

Хто толькi не трапляўся на вострае пяро Крапiвы: гультаi, дэмагогi, кар'ерысты, тыя, хто любiў пажывiцца за чужы кошт, невукi...      

У байцы «Саманадзейны конь» К. Крапiва высмейвае  такую рысу характару чалавека, як саманадзейнасць. Аўтар сцвярджае, што кожны чалавек, перш чым узяцца за якую-небудзь справу, павiнен добра падумаць: хопiць у яго розуму i сiлы справiцца з гэтай работай цi не. Кожны чалавек павiнен займаць месца суразмерна са сваiмi магчымасцямi. У адваротным выпадку ён будзе выглядаць так смешна, як той  конiк з байкi, што палез у вялiкi хамут.

У вобразе дыпламаванага Барана сатырык высмеяў ваяўнічую шэрасць і глупства, падкае да розных  званняў, дыпломаў, пасад, чыноў. У вобразе махальніка Іванова — самую ганебную якасць чалавека: страту чалавечай годнасці, халуйства і падхалімства. У вобразе Бабы, што стала «памагаць... седзячы на возе», — бюракратаў, якія пазашываліся ў кабінетах і з усяе сілы імкнуцца пераканаць усіх у сваёй кіпучай дзейнасці, а на самой справе толькі мяшаюць працаваць іншым. Яны — пухіры на целе народа, яго крывасмокі. Без такіх бы «каня як чорт панёс», а з імі — воз ні з месца.

У вобразе ганарыстага Парсюка паказана ўся небяспечнасць пыхлівых і ганарыстых, бо такія пазбаўлены самакрытыкі, здольнасці бачыць, «што ў самога на лычы», пры гэтым  вельмі падазроныя, помслівыя: «і так ён Падсвінака грызянуў, што той за сажняў пяць адскочыў».

Прайшло ўжо шмат гадоў з таго часу, калi пiсалiся байкi Крапiвы, аднак актуальнасць iх не знiкла i сёння. Шкада i крыўдна, але ў нашым грамадстве зараз хапае i дыпламаваных бараноў, i махальнiкаў iвановых, i саманадзейных коней. А пакуль ёсць гэтыя заганы, то не будуць трацiць свайго значэння i байкi Крапiвы. Хай сабе яны i не выкараняюць з нашага грамадства пералiчаныя вышэй недахопы, аднак не даюць людзям забыцца на тое, што гэтыя з'явы — не нормы жыцця, з iмi трэба змагацца.