Родная мова – адзіная ў свеце

З маленства мы чуем пяшчотныя словы любові, выказаныя на роднай мове. Першыя літары, словы ў пачатковых класах мы спасцігаем, вывучаючы мову. Сталеючы, знаёмімся з творамі нацыянальнай класікі, сюжэты якіх выкладзены на пісьме іх аўтарамі з дапамогай мовы. І так да самай старасці – родная мова суправаджае нас у жыцці.

Мілагучная, непаўторная, адзіная ў свеце, родная беларуская мова. Які цяжкі твой шлях да станаўлення, колькі прыгнёту і здзеку ты вытрывала ў розныя часы падчас разнастайных гістарычных падзей… І выстаяла, выжыла, расквітнела і ўмацавалася, стала самай каштоўнай спадчынай для многіх пакаленняў! І сёння мы, моладзь XXI стагоддзя, с гонарам размаўляем на роднай мове, прысвячаем ёй літаратурныя вечарыны, з пашанай ставімся да роднага слова.

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, 25 лютага ва Уздзенскай сярэдняй школе № 2 імя К.К. Крапівы быў праведзены шэраг мерапрыемстваў. Вучні 5-6 класаў сустрэліся на літаратурнай гасцёўні “Мой родны кут, як ты мне мілы”, падчас якой чыталі любімыя вершы беларускіх паэтаў. Вучні 7-11 класаў прынялі актыўны ўдзел у школьным конкурсе сачыненняў “Родная мова – адзіная ў свеце”, а маленькія наведвальнікі класаў пачатковай школы сталі ўдзельнікамі экскурсій па школьным музеі Кандрата Крапівы. Шмат аматараў беларускай літаратуры прыцягнула выстаўка “Сучасная беларуская проза”, наладжаная ў школьнай бібліятэцы.

Кульмінацыяй шэрагу мерапрыемстваў па ўшанаванні роднай мовы і сапраўдным святам беларускага слова стаў конкурс-агляд чытачоў “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Удзел у конкурсе прынялі навучэнцы 2-11 класаў, якія чыталі вершы, байкі, казкі беларускіх аўтараў. Журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, намеснікі дырэктара, было ўражана майстэрствам выступоўцаў і шчырасцю выканання твораў нашых землякоў. Беларускае слова заслужана гучала са сцэны пад апладысменты і ўражаныя водгукі слухачоў, і гэты дзень стаў сапраўдным святам адзінай нашай, беларускай мовы!

 

cs-nsk

Добавить комментарий



Обновить