З гонарам носім такое імя!

У перыяд з 5 па 15 сакавіка наша школа аддавала пашану чалавеку, імя якога з гонарам носіць на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Мноства мерапрыемстваў было прысвечана беларускаму пісьменніку, паэту, сатырыку, драматургу, грамадскаму дзеячу і літаратуразнаўцу Кандрату Крапіве ў рамках “Крапівінскай дэкады”.

Ва ўсіх класах, з першага па адзінаццаты, прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Кандрат Крапіва – наш зямляк”, падчас якіх навучэнцы прыгадалі біяграфію Кандрата Кандратавіча і вехі яго творчага шляху. Таксама ўсе жадаючыя сталі наведвальнікамі экскурсій у школьны музей Кандрата Крапівы.

Навучэнцы старэйшых класаў, дзесяці- і адзінаццацікласнікі, прынялі ўдзел у інтэлектуальнай віктарыне “Па старонках жыцця Вялікага Крапівы”. У бібліятэцы школы была наладжана выстаўка твораў пісьменніка пад назвай “Патрыярх беларускай сатыры”. Сярэднія і старэйшыя класы падчас кіналекторыя праглядзелі відэафільм “Кандрат Крапіва. Тайны біяграфіі”, сталі ўдзельнікамі тэатралізаваных літаратурных чытанняў твораў нашага земляка. Сапраўдныя шэдэўры стварылі аўтары карцін для мастацкай выстаўкі, прадстаўнікі 5-11 класаў, прысвечанай любімым крапівінскім героям.

Увогуле, дэкада, прысвечаная жыццю і творчасці Кандрата Крапівы, прайшла ярка, насычана і безумоўна паспяхова. Актыўны ўдзел у яе мерапрыемствах прымалі не толькі мясцовыя “зоркі”, але і тыя з навучэнцаў, хто раней не лічыў сябе аматарам выяўленчага мастацтва ці аратарскага майстэрства. Чарговая, 118-я гадавіна з дня нараджэння Кандрата Кандратавіча Атраховіча, сусветна вядомага як Кандрат Крапіва, стала днём адкрыцця талентаў не аднаго яго паслядоўніка.

 

cs-nsk

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить