ФАКУЛЬТАТЫЎНЫЯ ЗАНЯТКІ ЯК СТРУКТУРНЫ КАМПАНЕНТ ДАПРОФІЛЬНАЙ ПАДРЫХТОЎКІ
Дапрофільная падрыхтоўка на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі - неад’емны кампанент сістэмы профільнага навучання, асноўнае прызначэнне якога - фарміраванне ў вучняў інтарэсу, матываў, схільнасцей, здольнасцей у розных галінах пазнавальнай і прафесіянальнай дзейнасці, ва ўсвядомленым выбары напрамку профільнага навучання.
Асноўнымі структурнымі кампанентамі дапрофільнай падрыхтоўкі з’яўляюцца:
- інфармаванне;
- псіхолага-педагагічнае суправаджэнне;
- прапедэўтычнае вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні праз факультатыўныя заняткі.
Першыя два кампаненты прызваны забяспечыць вучняў інфармацыяй для ўсвядомленага выбару формы працягвання адукацыі і профілю дальнейшага навучання, сфарміраваць у іх уменне аб’ектыўна ацэньваць свае здольнасці да навучання па розных профілях. Факультатыўны занятак павышае якасць ведаў школьнікаў, дазваляе ім самарэалізавацца і задаволіць пазнавальныя інтарэсы. Настаўнік можа толькі прыадчыніць дзверы ў свет ведаў, увайсці ж у іх павінен сам вучань.
З мэтаю стварэння адукацыйнай прасторы, якая садзейнічае самавызначэнню вучняў пасля 9-го класа на той ці іншы профіль, наша школа пачынае працаваць у дадзеным накірунку з 5-га класа.
У бягучым навучальным годзе на IIступені агульнай сярэдняй адукацыі ў нашай школе арганізаваны факультатыўныя заняткі па беларускай мове ў 7 класе “Слова ў тэксце”, 8 – “Гэты няпросты просты сказ”, у 9 класе – “Складаны сказ без складанасці” і “Рыхтуемся да вывучэння беларускай мовы на павышаным узроўні”.
Якім павінен быць занятак, каб ён садзейнічаў развіццю творчага патэнцыялу і інтэлекту на аснове раскрыцця і рэалізацыі адукацыйных патрэб? На маю думку, найперш ён павінен быць эфектыўным. А эфектыўны занятак – гэта занятак, на якім прысутнічаюць:
- дыферэнцыраваны падыход;
- узаемасувязь зместу, формаў і метадаў арганізацыі працы;
- актыўная самастойная праца вучняў;
- праблемнае выкладанне матэрыялу;
- даследчая дзейнасць вучняў;
- міжпрадметныя сувязі;
- улік узроставых асаблівасцей пры выбары тэхналогіі, формаў і метадаў правядзення занятку;
- займальнасць і цікаўнасць.
Для таго, каб быць паспяховым у сучасным зменлівым свеце, вучні павінны ўмець прасейваць інфармацыю і самі прымаць рашэнні аб тым, што для іх важна, а што не. Становіцца відавочным, што школьнікам неабходна ўмець рашаць складаныя праблемы, крытычна аналізуючы абставіны, прымаць прадуманыя рашэнні на аснове атрыманай інфармацыі.
На факультатыўных занятках я спачатку падаю тэарэтычны блок, дзе мы з вучнямі паўтараем, сістэматызуем і паглыбляем веды па розных раздзелах праграмы. Пры гэтым выкарыстоўваюцца памяткі-падказкі, калектыўна будуюцца абагульняючыя схемы, класцеры і складаюцца табліцы. У практычным блоку вучні замацоўваюць набытыя веды і выконваюць тэсты. Развіваю ў вучняў уменне самастойна складаць міні-тэсты па пройдзенай тэме. Школьнікі абменьваюцца тэстамі і выконваюць іх. Гэта дазваляе ім значна паглыбіць веды. Работа ў межах факультатыўных заняткаў патрабуе ад настаўніка нестандартнага падыходу, бо факультатыўны занятак атрымаецца цікавым і выніковым толькі тады, калі заняткі будуць дынамічнымі і насычанымі.
Сёння мы, настаўнікі, узброены вялікай колькасцю метадаў і прыёмаў, якія дазваляюць будаваць работу на занятках найбольш эфектыўна. Застаецца толькі фільтраваць іх, пакідаючы лепшае. На мой погляд, самыя эфектыўныя з іх – інтэрактыўныя.
Хачу падзяліцца вопытам выкарыстання некаторых форм і метадаў работы на факультатыўных занятках па беларускай мове ў 8-9-х класах.
Любы занятак пачынаю з эмацыянальнай хвілінкі. Гэта могуць быць такія прыёмы работы, як “Маналог незнаёмца”, “Метафара пачатку занятку”, “Камплімент” або абмеркаванне эпіграфа.
На этапе мэтавызначэння вучням прапаную па апорных словах або пытаннях сфармуляваць мэты занятку і скласці індывідуальны навучальны маршрут, напрыклад: “Навошта?”, “Што адкрыем і пра што даведаемся?”, “Каму раскажам?” Практыкую стварэнне праблемнай сітуацыі, арганізацыю пошукавай дзейнасці (арганізуецца вучэбны дыялог: прапаноўваю розныя меркаванні па пэўнай праблеме, а потым звяртаюся з пытаннем: “А як думаеце вы?”). На гэтым этапе выкарыстоўваю такія прыёмы, як “Цяжкая сітуацыя” (вучням прапаноўваецца заданне па новай тэме. Узнікае цяжкасць пры выкананні, з’яўляюцца варыянты, штуршок да работы па новай тэме).
Лічу неабходным на факультатыўных занятках праводзіць актуалізацыю раней набытых ведаў. На дадзеным этапе я прапаную вучням наступныя метады і прыёмы работы: “Лінгвістычная мазаіка”, запаўненне схем, табліц, класцераў. Дадзеныя прыёмы садзейнічаюць узнаўленню ў памяці ужо вядомых ведаў і ствараюць аснову для далейшай работы па пэўнай тэме.
На этапе практычнага прымянення ведаў выкарыстоўваю разнастайныя віды дзейнасці: работу ў парах, самастойную і калектыўную работы. Мэтазгодным лічу прымяненне метадаў і прыёмаў, якія будуць спрыяць выпрацоўцы ў вучняў агульнавучэбных уменняў і навыкаў, напрыклад, “Карэктары”, “Лабірынт ведаў”, “Канструктары” , запаўненне апорных табліц з “белымі плямамі.” Да месца будзе, напрыклад, запрасіць вучняў на гульню “Да–не”. Увазе вучняў прапаноўваюцца сцверджанні, якія могуць быць правільнымі і памылковымі. Задача настаўніка - увесці вучняў у зман. Задача вучняў - не паддавацца на хітрасць настаўніка, уступаць у спрэчку, калі сцверджанні настаўніка памылковыя. Эфектыўным з’яўляецца прыём “Сам сабе настаўнік”.
Абавязкова прысутнічаюць на заняткахтворчыя формы работы. У рубрыцы “Творчая лабараторыя лінгвіста” прапаную вучням скласці невялікія тэксты па пачатку, па апорных словазлучэннях або на пэўную тэму. Тут я шырока выкарыстоўваю разнастайныя віды работ з тэкстам: “даследаванне тэксту”, пісьмовы адказ на пытанне, “дапоўні тэкст”, складанне міні-тэкстаў, тэкстаў па пачатку, выкарыстаўшы, напрыклад, бяззлучнікавыя складаныя сказы, пераклад з рускай мовы на беларускую слоў, словазлучэнняў, сказаў, тэксту, лінгвістычны эксперымент, работу з дэфармаваным тэкстам,складанне сказаў па схемах на пэўную тэму.
На занятках практыкуецца выкананне работ, падчас якіх удасканальваюцца навыкі працы са слоўнікамі, энцыклапедычнымі даведнікамі, лінгвістычнымі дапаможнікамі. Напрыклад, перакласці сказы на беларускую мову, падабраўшы назоўнікі-адпаведнікі да рускіх слоў.
Калі вучні актыўна ўдзельнічаюць у навучальным працэсе, павышаецца іх здольнасць да разважання і разумення.
Разнастайныя віды работы будуць садзейнічаць развіццю кемлівасці, настойлівасці ў дасягненні мэты, адказнасці, дысцыплінаванасці, працавітасці, так патрэбным у час навучання на ІІІ ступені.
Падчас арганізацыі навучальнага працэсу варта памятаць пра тое, што самае небяспечнае пры навучанні – гэта фармальныя веды. Атрыманыя без цікавасці, без станоўчых адносін да вывучанага матэрыялу, яны з’яўляюцца непатрэбным баластам, бо не будуць актыўна прымяняцца на практыцы, не будуць выклікаць жадання працаваць з захапленнем. Для вучняў любога ўзросту матывацыяй навучання з’яўляецца займальнасць падачы тэарытычнага і практычнага матэрыялу. Напрыклад, рубрыка “Стол даведак”(патлумачыць значэнне пэўных беларускіх слоў), рубрыка “Выпраўляем памылкі” (прачытаць тэкст, вызначце, якія словы ў тэксце ўжыты няправільна, выпраўце памылкі ў маўленні), рубрыка “Папрацуем перакладчыкамі” (запісаць па-беларуску, раскажыце пра адметнасць беларускіх сінтаксічных канструкцый).
Інфарматызацыя грамадства змяніла сацыяльны заказ школе. Грамадству патрабуецца чалавек, які ўмее сам прымаць рашэнні, які мае крытычнае мысленне, умее працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі, можа добра і хутка арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, хутка перабудоўвацца і перавучвацца. Школьная адукацыя якраз і развіваецца зараз у гэтым накірунку.
На сучасным інфармацыйным рынку існуе мноства навучальных праграм, якія дапамагаюць і вучню, і настаўніку. На факультатыўных занятках я выкарыстоўваю праграмны комплекс“Беларуская мова. Абагульненне і сістэматызацыя”,з якой вучні могуць працаваць і якая дае магчымасць для выпрацоўкі асноўных уменняў і навыкаў па прадмеце. Праграма “Беларуская мова” разлічана на засваенне і кантроль ведаў па любой тэме мовы. Цікава тое, што тэсты можна праводзіць у рэжыме кантролю, самакантролю, самакантролю з заахвочваннем.Праграмны комплекс“Беларуская мова” дапамае мне ўбачыць вынікі класа адразу, памылкі кожнага, рост вучня ў параўнанні з папярэдняй работай, а таксама можна правесці абагульняючыя заняткі па ўсёй тэме. Пасля прапаноўваю выканаць работу над памылкамі, выбраўшы рэжым работы “Работа над памылкамі”, што дапамагае эканоміць час.
Такім чынам, лічу, што работа з ЭСН застаецца дастаткова эфектыўным сродкам у навучанні і выхаванні нашага будучага пакалення. І на сучасным этапе настаўніку варта, па магчымасці, выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, ЭСН, каб падрыхтаваць вучняў да сучаснага жыцця, каб яны не разгубіліся і выбралі патрэбны накірунак у тым інфармацыйным моры, што з кожным годам становіцца ўсё большым, удасканальваць навыкі самаадукацыі і самакантролю.
На этапе рэфлексіі таксама выкарыстоўваю разнастайныя метады і прыёмы. Напрыклад, пры правядзенні “Хвілінкі адкрытых думак” вучням прапануецца дапоўніць выказванні: сёння на занятку я даведаўся …, пазнаёміўся…, навучыўся. У канцы факультатыўнага занятку стараюся выявіць, што ўдалося і што не ўдалося рэалізаваць з таго, што было задумана, шукаю рэзервы далейшага ўдасканалення арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Яшчэ адна ўмова эфектыўнасці заняткаў - забеспячэнне пераемнасці ў сістэме “ўрок — факультатыў”. Факультатывы па беларускай мове маюць шмат агульнага з урокамі. Яны праводзяцца па зацверджаным плане, на іх прымяняюцца агульныя з урокамі метады навучання і формы арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, а таксама ёсць умовы для ўліку індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца. Калі ўрок фарміруе базавыя веды і фундаментальныя асабістыя якасці школьніка, якія служаць асновай паспяховага навучання, то факультатыў падхоплівае дасягненні вучня і развівае назапашаны ім на ўроку патэнцыял. І на ўроку, і на факультатыўных занятках дзеці здабываюць новыя веды пад кіраўніцтвам настаўніка. Факультатыў дапамагае пашырыць і паглыбіць веды па пэўным вучэбным прадмеце. На яго занятках можна выйсці па-за межы школьнай вучэбнай праграмы. Тут спрацоўвае прынцып пераемнасці. Мы сістэматызуем набытыя веды і паглыбляем іх далей. Аднак на ўроку вучань бачыць ступень сваіх ведаў. За працу ён атрымлівае адзнаку. На факультатыўных занятках адзнакі не ставяцца. І тут трэба памятаць, што вучань чакае ад нас ацэньвання яго працы. Гэта пытанне, я лічу, не дасканала вывучана, паўстае шмат пытанняў наконт таго, якое ацэньванне можна прымяніць.Я на факультатыўных занятках прымяняю наступныя формы ацэньвання:
1. Славеснае ацэньванне (Малайчына! Ты добра засвоіў гэтую тэму . …).
2. Самаацэнка вучняў.
3. Узаемаацэнка.
Факультатыўныя заняткі дазваляюць павысіць узровень вывучэння беларускай мовы і літаратуры, садзейнічаюць паспяховаму ўдзелу здольных вучняў у алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях, забяспечваюць выпускніку дадатковую падрыхтоўку, неабходную як пры напісанні пераказу падчас выпускнога экзамену ў школе, так і пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца вынікі анкеціравання, якое праводзім напрыканцы навучальнага года: вучні адказваюць, што на выбар факультатыва ў першую чаргу паўплывала жаданне быць паспяховым на экзамене, цэнтралізаваным тэсціраванні, парада настаўніка; амаль усе вучні задаволены правядзеннем факультатыўных заняткаў, пакольку яны адпавядаюць выбару, цікавыя па змесце, маюць практычную накіраванасць і павышаюць узровень ведаў.
Менавіта факультатыўныя заняткі як накірунак дапрофільнай падрыхтоўкі паўплываюць на вынікі профільнага навучання на IIIступені агульнай сярэдняй адукацыі.
У ў тым, што вучні гарадской рускамоўнай школы штогод выбіраюць беларускую мову для здачы экзамена, здаюць ЦТ па беларускай мове (і даволі паспяхова: сярэдні бал пашколе вышэйшы за паказчыкі па раёне і вобласці), у якасці профільнага на ІІІ ступені навучання выбіраюць беларускую мову, я лічу, ёсць і мая заслуга як настаўніка беларускай мовы. А значыць, я рухаюся у правільным накірунку.
Спіс літаратуры
1. Об организации в 2016/2017учебном году допрофильной подготовки и профильного обучения на III ступени общего среднего образования: инструктивно-методическое письмо Министерства образования Республики Беларусь, 30.05.2016, № 05-20/94.
2. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры / В. У. Бухавец [і інш.]; пад агульнай рэд. С. І. Цыбульскай.—Мінск. : Сэр-Вит, 2006.— 208 с.
3. Валочка,Г.Арганізацыя і правядзенне факультатыўных заняткаў па беларускай мове / Г.Валочка, С.Язерская // Роднае слова - 2010 - № 7.– С. 53- 56.
4. Кашлев, С. С. Интерактивные методы обучения педагогике: учебное пососбие / С. С. Кашлев. – Минск : Выш. шк., 2004. – 176 с.
5. Мартынкевіч, С. Камунікатыўная кампетэнцыя: Сутнасць паняцця і прынцыпы адбору зместу яе фарміравання / С. Мартынкевіч // Роднае слова. – 2011 - № 3. – С. 38-41.