Навуковая і грамадская дзейнасць акадэміка Кандрата Крапiвы

 

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Уздзенскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

”Нёманская сярэдняя школа імя І.Д.Гурскага”

Навуковая і грамадская дзейнасць акадэміка К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы)

 

Аўтар: Чыгір Марына Аляксандраўна, вучаніца 10 класа

Кіраўнік: Хатулёва Святлана Іванаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 Уводзіны

Кандрат Крапіва... Гэтае шырока вядомае, акружанае народнай любоўю імя прыйшло ў літаратуру праз досціп смеху, які цэлай ракой хлынуў з баек, сатырычных вершаў, што ўбачылі свет у пачатку дваццатых гадоў. Яго імя ўзвышаецца велічна, непаўторна, ярка. Ён-Майстра. Больш таго, ён— чараўнік, якому прырода адкрыла запаветнае слова, здольнае тварыць цуды: рабіць волатам кволага, вяртаць упэўненасць зверанаму, адкрываць вочы на праўду і крыўду[3].

Выдатны майстар слова, ён узбагаціў беларускую літаратуру шматлікімі творамі, разнастайнымі па жанру і тэматыцы, у якіх адлюстроўваў жыццё нашай краіны на розных  этапах развіцця.

Паэт-гумарыст і сатырык размаўляў са сваім чытачом на вельмі зразумелай і блізкай яму мове. Гэтая мова нібы ўвабрала, паяднала ў адно спрадвечную дасціпнасць вострых на язык людзей, якіх ва ўсе часы меў кожны сялянскі куток: усіх гэтых жартаўнікоў, перасмешнікаў, складальнікаў небывала дзіўных гісторый[2].  

У асобе  К.Крапівы спалучыліся якасці таленавітага паэта і драматурга,перакладчыкарускай і замежнай класікіі не менш таленавітага навуковага работніка, даследчыка ў галіне літаратуры і мовазнаўства.

 

Асабліва вялікі ўклад Кандрат Крапіва як навуковец зрабіў у беларускае мовазнаўства, займаючыся праблемамі  ўнармавання граматычнага ладу і арфаграфічнай сістэмы беларускай мовы. 

 

1. На ніве беларускай лексікаграфіі

Асоб­ны кі­ру­нак твор­чай і на­ву­ко­вай пра­цы Кан­дра­та Кра­пі­вы— яго шмат­га­до­вая ра­бо­та ў Ака­дэ­міі на­вук Бе­ла­ру­сі, Інсты­ту­це мо­ваз­наў­ства, такая ж шматгранная, змястоўная і глыбокая, як і творчасць. З 1947 г. ён працаваў у Акадэміі навук БССР, узначальваў мовазнаўчы сектар у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, потым Інстытут мовазнаўства, у 1956-1982 гг. быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР.

Гістарычна склалася так, што дзейнасць Крапівы ў галіне мовазнаўства якраз прыпала на вельмі адказны час, калі беларуская літаратурная мова атрымала ўсе грамадзянскія правы, але яе шмат у чым яшчэ трэба было прыводзіць да нормы, узаконьваць асобныя правы, палажэнні[1].

На ніве  беларускай лексікаграфіі пісьменнік  працаваў яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве, дзе ў 1943 годзе была распачата работа над складаннем руска-беларускага слоўніка, асабліва патрэбнага  для газетных і выдавецкіх работнікаў. У камісію па складанні слоўніка ўваходзілі Пятро Глебка, Кандрат Крапіва і некалькі маладых вучоных-работнікаў, якія на гэты час былі ў Маскве і ведалі беларускую мову[1].

Праца, пачатая над слоўнікам у Маскве, працягвалася ў спустошаным фашыстамі Мінску і была завершана ў 1953 годзе. Па ўспамінах К.Крапівы: “Калі праца над слоўнікам канчалася, я быў ужо дырэктарам толькі што ўтворанага Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Слоўнікавая група працавала старанна, але аб’ём работы быў надзвычайна вялікі. Кожную картку трэба было патрымаць у руках, удакладніць усе значэнні рускага слова і адпаведнасць іх у беларускай частцы, зверыць усе граматычныя і стылістычныя паметы.... Я ўзяўся рэдагаваць вылучаныя на маю долю літары. Калі першыя артыкулы слоўніка гатовыя былі да друку, мы з Глебкам панеслі іх на апрабацыю да Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі.Нам патрэбна было яго аўтарытэтнае слова, каб з большай упэўненасцю працягваць працу над заканчэннем слоўніка, надрукаваць яго і вынесці на суд грамадскасці.” [3].У выніку ўпартай працы  руска-беларускі слоўнік, які змяшчаў 86 тысяч слоў,  выйшаў  з друку 1953 годзе.( гл. малюнак 1); 

Выхад слоўніка спрыяў культуры  беларускай мовы, яе нармалізацыі як у галіне лексікі, часткова марфалогіі, так і ў галіне правапісу, паколькі слоўнік служыць арфаграфічным даведнікам.

Многія словы былі перакладзены на беларускую мову ўпершыню.Блізкасць і роднасць моў часта не дапамагала, а наадварот, абцяжарвала пераклад з прычыны наяўнасці міжмоўнай аманімі. Упершыню ў практыцы беларускай лексікаграфіі былі ўключаны ў слоўнік як асобная катэгорыя фразеалагічныя выразы рускай мовы. Як вядома,  шмат якія з іх з’яўляюцца ідыёмамі і не паддаюцца даслоўнаму перакладу.Стваральнікам слоўніка прыйшлося шукаць адпаведныя фразеалагічныя эквіваленты ў беларускай мове. Прыйшлося вырашаць і пытанні нармалізацыі мовы як у галіне лексікі, так і марфалогіі, у прыватнасці, пытанне аб тым, ці адносіцца слова да літаратурнай мовы, ці яно з’яўляецца гутарковым, або прастарэчным, або ўстарэлым.

Слоўнік атрымаў высокую і аднадушную ацэнку як выдатны ўклад у беларускае мовазнаўства, як першае навуковае выданне такога тыпу, якое адыгрывае вялікую ролю ў справе  развіцця беларускай літаратурнай мовы, у справе развіцця культурных сувязей беларускага і рускага народаў.

Істотнай  роляй  у станаўленні правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы з’явілася прыняцце ў маі 1957 г. Саветам  Міністраў БССР пастановы «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу», якая ў пэўнай ступені ішла насуперак русіфікацыйнай палітыцы. У пастанове адзначалася, што «асобныя правілы арфаграфіі з’яўляюцца недасканалымі і таму не могуць служыць цвёрдым крытэрыем для адзінага і паслядоўнага напісання». У адпаведнасці з названай пастановай Інстытут мовазнаўства АН БССР падрыхтаваў «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (Мн., 1959), якія сталі першай спробай стварэння поўнага зводу беларускага правапісу. Яны былі распрацаваны калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П. Глебкі( гл. малюнак 2). 

Для практычнай рэалізацыі Пастановы Савета Міністраў 1957 г. было неабходна ажыццявіць выданне акадэмічных граматык, нарматыўных слоўнікаў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўніверсітэтаў і школ па беларускай мове.

 

 Пазней пад рэдакцыяй Крапівы выйшлі: Беларуска – рускі слоўнік, у якім змяшчалася звыш дзевяноста тысяч слоў; другое, дапоўненае двухтомнае выданне Руска – беларускага слоўніка, якое пабачыла свет у 1982 годзе ( гл. малюнак 3);

 

Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы, які ўжо неаднаразова перавыдаваўся; дапоўнены і ўдакладнены Беларуска – рускі слоўнік у двух тамах і інш. Крапіва з‘яўляецца рэдактарам Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы, які ў трох частках апублікаваны на рубяжы 50-60-ых гадоў, двухтомнай апісальна-нарматыўнай Граматыкі беларускай мовы [2].

Аднак толькі работа ў галіне мовазнаўства, якую выканаў Кандрат Крапіва, магла патрабаваць усяго чалавечага жыцця, і дарэчы, яе было б дастаткова, каб прозвішча творцы назаўсёды засталося ў летапісе беларускай культуры, навукі. Гаворачы пра ўклад Крапівы ў гэту галіну нашага духоўнага скарбу, вядомы мовазнаўца А.Жураўскі справядліва заключае:  “Ніводзін іншых беларускі пісьменнік не прыклаў столькі намаганняў для развіцця беларускай мовазнаўчай навукі”. І далей: “Практычна кожнае слова, якое ўводзіцца ў той ці іншы акадэмічны слоўнік, праходзіць праз рукі Кандрата Крапівы ацэньваецца і кантралюецца ім[1].

Так, ён на працягу многіх гадоў узначальвае тэрміналагічную камісію, якая асабліва плённа папрацавала на выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Крапіва прымае ў яе рабоце самы чынны ўдзел. “Трэба бачыць,- сведчыць вядомы драматург і адзін з адказных супрацоўнікаў БелСЭ Алесь Петрашчевіч,- з якой руплівасцю, увагай і адказнасцю Кандрат Кандратавіч дапамагае вырашаць складаныя моўныя пытанні, дае парады, папярэджвае магчымыя ў гэтай справе памылкі”.

Пачыналася гэта так. А.Петрашкевіч прыгадвае: “…На пачатку 1967 года ў сістэме Акадэміі навук БССР пачала стварацца Галоўная рэдакцыя БелСЭ, якая носіць імя Пятруся Броўкі. З лёгкай рукі Петруся Усцінавіча і пры самай актыўнай дапамозе яго даўняга сябра, паплечніка і суседа Кандрата Кандратавіча ўстанова наша ў хуткім часе была створана. А калі яе супрацоўнікі прыступілі да складання слоўніка, Пётр Усціслававіч сказаў:

-         Пойдзем да Кандрата. (Ён толькі так называў свайго сябра.) Будзем прасіць, каб узначаліў тэрміналагічную камісію. І без камісіі і без Кандрата ў нашай справе не абысціся.

Кандрат Кандратавіч згадзіўся ўзначаліць камісію, але заўважыў:

-         Не думаю, каб камісіі было многа работы. Мова наша такая багатая, такая дасканалая, што наўрад ці давядзецца нам ствараць нейкія словы ці паняцці.

Практыкай нашай работы па стварэнню цэлага шэрага энцыклапедый пацвердзіла словы Кандрата Кандратавіча. Сапраўды, няма тых паняццяў і навук, якія нельга было б перадаць лексікай роднай мовы” [4].

Працуючы на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР з 1956 года  Кандрат Кандратавіч Крапіва (на гэтай пасадзе да яго часта звярталіся не па літаратурнаму псеўданіму, а па сапраўднаму прозвішчу – Атраховіч) нямала зрабіў для падрыхтоўкі навуковых кадраў у галіне беларускай філалогіі як кіраўнік аспірантаў, як рэцэнзент доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. У напісаных пры гэтым водзывах К Крапівы змяшчалася шмат каштоўных думак і цікавых поглядаў, якія самі заслугоўвалі таго, каб стаць тэмамі для самастойных навуковых прац.Пі­сь­мен­нік рэ­да­га­ваў «Рус­ка-бе­ла­рус­кі слоў­нік», «Ды­ялек­та­ла­гіч­ны атлас бе­ла­рус­ка­га мо­ваз­наў­ства». За ра­бо­ты па бе­ла­рус­кай лін­гва­ге­агра­фіі быў адзна­ча­ны Дзяр­жаў­най прэ­мі­яй СССР[2]

 

На пасадзе віцэ-прэзідэнта  К.Крапіва  быў больш чвэрці стагоддзя – да 1982 года. Толькі тады, па ўласнай просьбе Крапівы і ўлічваючы ўзрост, яго вызвалілі ад гэтага абавязку і перавялі на пасаду старшага навуковага супрацоўніка – кансультанта.

 

Вядома, літаратурная мова, як і народная, рухомая, пастаянная знаходзіцца ў развіцці. Яна ўвесь час узбагачаецца, штосьці страчвае, штосьці з‘яўляецца новае. Будзе, натуральна, удакладняцца слоўнікавы моўны запас, будуць адбывацца пэўныя змены тых ці ў іншых  правіл, нарматыўных палажэнняў. Па асобных момантах можна дыскусіраваць і цяпер, штосьці нават аспрэчваць. Аднак значэнне той плённай працы па ўпарадкаванню моўнага багацця, якая праведзена навуковымі супрацоўнікамі пад кіраўніцтвам Крапівы,  не зменшыцца[5].

2. Даследванні  К.Крапівы ў рэчышчы праблем тэорыі літаратуры  і мовазнаўства

К. Крапіву можна з поўным правам лічыць тэарэтыкам літаратуры. У рэчышчы сваёй літаратурна-крытычнай дзейнасці (а Крапівой аналізаваліся і ацэньваліся многія творы сучаснай яму беларускай літаратуры) пісьменнік закранаў важныя тэарэтыка-літаратурныя пытанні, звязаныя з творчым працэсам [4].( гл. малюнак 5)К. Крапіву можна з поўным правам лічыць тэарэтыкам літаратуры. У рэчышчы сваёй літаратурна-крытычнай дзейнасці (а Крапівой аналізаваліся і ацэньваліся многія творы сучаснай яму беларускай літаратуры) пісьменнік закранаў важныя тэарэтыка-літаратурныя пытанні, звязаныя з творчым працэсам.

Шмат артыкулаў пісьменнік таксама прысвяціў і мовазнаўчым праблемам. У артыкулах К.Крапіва закранаў праблемныя пытанні захавання культуры мовы. Найбольш поўна і сістэматызавана гэта выкладзена ў артыкулах “Ці будзем  мы ездзіць па левым баку?”(1979 г.), “Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства” (1972 г.), дзе  К.Крапіва выступаў супраць самадзейнага рэфармавання мовы, супраць спрошчанага падыходу да праблемы нацыянальнай мовы ў міжкультурным жыцці: ”Мова як сродак зносін паміж людзьмі абслугоўвае грамаства ва ўсіх сферах яго дзейнасці і мае шмат розных аспектаў. Адным з важнейшых аспектаў з’яўляюцца узаемаадносіны беларускай мовы з іншымі мовамі— рускай, украінскай. Зразумела, што ў нашай мовы шмат агульнага з гэтымі яе роднымі сёстрамі— у лексіцы, у  марфалогіі, у сінтаксічным ладзе,- шмат таго, што склалася за доўгія вякі ў гісторыі.Захоўваючы асаблівасці беларускай мовы, клапоцячыся аб яе далейшым развіцці, мы павінны шанаваць і тое агульнае, што ёсць у нашых брацкіх мовах. Яно дапамагае нам лепш зразумець нашых братоў, служыць сродкам збліжэння і ўзаемнага ўзбагачэння нашых культур” [3]

Заключэнне

Навуковая дзейнасць Кандрата Крапівы— гэткая ж шматабдымная, шмагранная, змястоўная і глыбокая, як і яго творчасць.

Кандрат Крапіва — аўтар шматлікіх прац па мовазнаўству, стваральнік і рэдактар беларускіх слоўнікаў, на працягу многіх год ён узначальваў Інстытут мовазнаўства, быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Яго пяру належаць шматлікія артыкулы па пытаннях тэарэтычных праблем  літаратуры і навуковага мовазнаўства.

Праз гады гучыць актуальна і сучасна заклік Кандарата Крапівы да ўсіх, хто мае дачыненне да беларускага слова “Любіце сваю матчыну мову, родную мясцовую гаворку.Давайце будзем шанаваць моўны скарб, які здабываўся на працягу вякоў як у часы самастойнага развіцця беларускай мовы, так і ў часы агульнаславянскай супольнасці” [6]

 

 

 

Паглядзець прэзентацыю