ВАРАНЫ

Ў адной камуне ці арцелі,
Дзе трактара яшчэ не мелі,
Каб узараць-засеяць гоні,
Было штук дваццаць коней —
Натуры рознай усе чыста:
Адзін — гуляка, той — гультай, а гэты — наравісты.
Вось толькі быў там Вараны,
Па думцы іншых — «конь дурны»,
Па-мойму ж проста — конь сумленны:
Ён прыказку «Узяўся ты за гуж,
Дык не кажы — не дуж»
Заўсёды памятаў нядрэнна
I прытварацца не хацеў.
А дужы быў які! Аб Варанога сіле
Легенды цэлыя хадзілі.
Затое цэлы дзень ён быў у хамуце.
Як толькі бедны Вараны
Адчэпіцца ад бараны,
Дык тут жа ў плуг яго ці ў воз,
I не на ўме яму ні сена, ні авёс.
Ён за гадоў так восем, штосьці,
Зрабіўся — скура толькі й косці,
Аж рэбры лёсткамі тарчаць.
Другі ж, гуляючы, балуецца аўсом,
Дык у яго і шыя калясом,
I спіна круглая, і на крыжы раўчак.
Не могучы жыцця такога знесці,
Давай прасіцца Вараны нарэшце:
«Не трэба,— кажа,— мне аўса, я буду рад і сену,
А толькі дайце змену
Ці невялічкую якую перадышку,
Ну, хоць накрышку,
Хоць на дзянёк, хоць на другі,
Прашу я вашай ласкі».
Яму адказваюць: «Таварыш дарагі!
Вы забываеце пра вашы абавязкі:
Чамусьці раптам на карысць арцелі
Вы працаваць не захацелі.
Забыліся, таварыш, дысцыпліну...»
I зноў тут Вараны папружыў спіну,
I зноў штодзень яму
Без жалю плечы трэ хамут
(Бо не ў зямлю ж жывому лезці).
Але ён доўга не пажыў:
Не выцерпеў нарэшце
I... капытамі палажыў.
Тады, сабраўшыся ўсе чыста,
Так хораша, так урачыста
Таварышы каняку пахавалі,
Прамовамі, вянкамі
I нават музыкай, здаецца, ўшанавалі.
Але, гаворачы між намі,
Карысці з гэтага для Варанога
Было не надта многа:
Калі ўжо шанаваць, дык трэ было жывога.

1926

 

{jcomments on}