СТАРШЫНЯ

На ферме на адной савецкай
Былі каровы ды авечкі,
Свіней паўнюсенькі свінюх
I рознай хатняй птушкі мноства.
Ну, словам, там жывёлаводства
Паставілі на вышыню.
Жывёлаводчы меў саўгас характар.
Варочаў глебу працавіты трактар,
А на падмогу коні ды валы
У гаспадарцы той былі
(Ці шмат,— таго я не скажу).
Яшчэ там быў сабака Жук.
З валом Рабым любіў ён падражніцца —
Нібыта сябравалі ўдвух.
Але... Рабога клікаў плуг,
А Жука вабіла разніца:
Натуры быў ён сапсаванай
I за крадзеж не раз балюча луплен,—
Як кажуць, элемент дэкласаваны,
Ну, адным словам — люмпен:
Віляў, бадзяўся, валачыўся
Альбо драмаў, ляжаў у хаце,
Аднак нядрэнна ўмеў брахаць ён,
Падчас прамоўцаю лічыўся.
Загадчык раз жывёлы сход
Для перавыбараў назначыў.
Вось і пусціў наш Жук у ход
Тут талент свой сабачы.
— Пра вас,— крычыць,— адно скажу я,
Што ўсе вы — дробныя буржуі:
Нягледзячы, што й батракі,
Да абрастання — сквапы.
Не падыму за вас рукі.
Свае мазольнай лапы.
— Чаму? — пытаў Падласенькі.
— Бо ўсе вы — дробнаўласнікі.
Вунь у каня ёсць свой хамут,
Вол мае ўласнае ярмо.
Ну, ды яму
Яшчэ дармо,
Але ў казы (глядзі, брыда!)
Свая ёсць нават барада.
Нарэшце маеце ўсе вы
Яшчэ і ўласныя хлявы.
Але ж цяпер скажыце мне —
Вось ці была ў сабакі хата?
— Ну, не! Вядома, не,—
Жывёлы кажуць вінавата.
— Дык вось давайце кандыдатаў...
Баран тут першы кажа: — Бе!
Цябе, браток, цябе!
За ім і коні: — Гі-го-го!
Яго! Няўжо ж каго! Яго!
Пасля валы й каровы: — Му!
Яму начальствам быць, яму!

I вось з таго, браточкі, дня
Наш Жук — «таварыш старшыня».
Ён справіў зараз галіфэ,
Пад лапу тоўсты ўзяў партфель,
На шыі гальштук ззяе ў срэбры,
I не тарчаць у Жука рэбры.
Задраўшы нос і хвост кручком,
Так важна ходзіць ён маўчком;
Калі ж вітаецца з ім хто,—
Дык толькі ледзь кіўне хвастом,
I толькі той для Жука блізкі сябар,
Хто дасць у лапу хабар.
Не будку мае Жук — палацы
(Хоць не свае, вядома, працы).
Ён забурэў, ён растаўсцеў.
Але нашто ж кантроля вока?
Сабаку далі па хвасце,
I гонар вылез яму бокам.
Калі часамі вам, браткі,
Такія стрэнуцца «жукі»,
Дык вы, напэўна, ім дасце
Таксама добра па хвасце.

1925

 

{jcomments on}