МАЧАХА

Здароў і дуж быў селянін Антось,
I рукі залатыя ў дзядзі,
I нават галава нішто,
Ды толькі лёс яго не гладзіў:
Дзве жонкі ўжо ляглі ў магілу,
А пасля іх дзяцей — як бобу,
I самых гэтакіх бубноў,
Што аднаму дагледзець не пад сілу.
Ну, што рабіць? Ён ажаніўся зноў
I ўзяў, браткі мае, аздобу:
Ні з твару цётка, ні з грудзей,
I ўсё не так, як у людзей,
Не надта вабіць і Антося,
Ды што ж, калі ўжо так прыйшлося...
Жыве Антось — бяда, дый годзе,
I не відаць канца бядзе:
Хоць жонка хараством — як пудзіла ў гародзе,
А што ні год малое прывядзе.
I пачалося тут сіротам пекла:
Не раз іх «мама» тая пугай секла.
Сваіх заўсёды вунь як песціць,
А тым шкадуе, бедным, есці;
Таго штурхне, таго рване за вушы,
Усіх без меры працай душыць.
Адзенне ж тое — лахманы!
Нікому й не паскардзяцца яны,
Бо і за скаргу гэтаксама
Не гладзіць іх ліхая «мама».
А языком яна перад людзьмі —
Не трэба й роднай лепшай мамы,
Хоць ты вось так яе вазьмі
Ды прылажы да раны:
— Я за сірот, здаецца б, аддала душу,—
Чуць на руках іх не нашу,—
Так распінаецца кабеціна ў мане,
Што ні канца, ні краю:
— Хаця б яны глядзелі так мяне,
Як буду я старая.
Яны ў мяне не пасынкі, не падчарыцы — госці.
А што ў іх толькі скура й косці,
Дык гэта ўжо завод такі,
Такія ж іх былі і мацяркі.
Ох, мачахі! I добрыя ж усе яны без меры,
Ды толькі чорт ім верыў.

Ёсць у мяне адзін знаёмы «заг»,—
Два скачуць у яго, а іншыя ў слязах.
Аднак я думаю, што хутка дзеткі самі
Прапішуць іжыцу такой вось «маме».

1926

 

{jcomments on}