ЖАБА Ў КАЛЯІНЕ

 

  

 

 

 

 

 

 

 

 

Пагода — проста нібы дым,
У вёсцы рух, у вёсцы ўздым:
Упарта кліча сенажаць.
I ні старым, ні маладым
Тут некалі ляжаць.
Грабель мільганнем, звонам кос
Трымцяць лілёвыя прасторы,
I вось, нібы ў зялёным моры,
Плыве бухматы воз.
Далонню ўцёршы потны лоб,
Як паміж рыфаў, паміж коп
Лахматы капітан яго вядзе.
Ён важнасць твару надае
I, каб не стала, загадзе
Сваёй адзінай «конскай сіле»,
Якая й так напружвае ўсё жылле,
Ён пугай пары паддае.
Яно хоць «сілы» троха й шкода,
Ды некалі — стаіць пагода,
Аж смагне, ныючы, асірацелы куст.
А Жабе гэта не пад густ;
I сонца горш цяпер пячэ,
Скарэй і бусел напаткае,
I як яна тут ні ўцякае,
Як ні скача,
У цень нікуды не ўцячэ.
Ад крыўды Жаба ледзь не плача.
А ўсё двухногі гэты госць
З сваім вялізным возам!
Апанавала Жабу злосць,
I падказаў ёй жабін розум:
«Ага, ну-ну!
Ты пажыві яшчэ хвіліну,—
Вось толькі сяду ў каляіну,
Плячом пад кола таркану
I к чорту воз перавярну.
Тады — капут, і ты мяне не зловіш,
Бо галаву, напэўна, зломіш».
I — скок Жабоцька смела
Ды ў каляіну села.
Тут колам — хрась!..
I кроў і гразь...
Пад кола, жаба, не падлазь.

Ці не такі ж і кожнай жабы лёс,
Што пнецца на хаду кульнуць савецкі воз?

1927

 

{jcomments on}