СВАЯЎСТВО

Для сябра ці для сваяка
I на вярбе растуць, часамі, бэры,
I па вядру казёл дае, бывае, малака.
Хто гэтаму не даў бы веры,
Дык факты тут яго пераканаюць скора.
Нядаўна нек, учора ці заўчора,
Я чуў — Свіння Казла хваліла,
Уславіла падрад разоў са сто.
Хваліла, ды не ў гэтым сіла,
А справа ў тым — за што?
Яна Цялят сабрала чараду
I пачала:
— Вы знаеце,— пытаецца,— Казла —
Такую бараду
З развілінамі рог?
Ах, што за працаўнік! Ах, што за маладзец!
Ох, ох! Рох, рох!
Працуе ён не то што за Вала —
За трох!
Спытайцеся сабе ў авец...
Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае?
Ен нават малака дае.
Цяляты тут Свінні ў адказ:
— А не дуры ты, цёця, нас!
Казлова малако сама еш на здароўе,
А нам ляпей кароўе.
А што ён працаўнік, і гэтакі й такі,
Дык ясна тут, як двойчы два:
Вы з ім, здаецца ж, сваякі —
Жывёлы з аднаго хлява.

1927

 

{jcomments on}