У ПАПА ДЫ БЫЎ САБАКА

У папа ды быў сабака,
Поп яго любіў.
Ён не краў у баці сала,—
Поп яго не біў.

Баця жыў ля школы блізка,
Проста двор у двор,
I наведваў часта Лыска
Школьны калідор.

Да пажывы Цюцька ласы
Раз у школу йдзе,
Ён абшнырыў усе класы,
Ды няма нідзе.

Хоць у думках невясёлы,
Хоць і посціць пост,
Але выйшаў Лыска з школы —
Абаранкам хвост.

Напаткаўся ён Мілорду,
Які тут гуляў;
Прывітаўся морда ў морду,
«Добры дзень!» маўляў.

(Мне пяром размову гэту
Цяжка й перадаць.)
— Дзядзька Лыска за асвету
Ўзяўся, як відаць?

— Ды прызнацца ўжо не сорам,
Пхнёмся пакрысе:
Сем тут класаў з калідорам...
Я прайшоў усе.

I пайшло ад сукі сучцы —
Хто каго ні стрэў,
Што той Лыска у навуцы
Сам сабаку з'еў;

Не капціў дарэмна свету,
Жыў ды не драмаў;
Што вышэйшую асвету
Лыска атрымаў;

Што ў становішчы сабачым
Гэта ж — о-го-го!
Што мы шмат яшчэ пабачым
Цудаў ад яго.

Вось і чын у Лыскі новы
(А ранейшы знік):
Навуковай установы
Лыска працаўнік.

У папа ды быў сабака,
Поп яго любіў,
Ды вучоным знакамітым
Чорт яго зрабіў.

1928

 

{jcomments on}