РАХІТЫК

На паплаўцы
Каля дарогі
Гулялі часта два хлапцы —
Алесь і Грышка клышаногі,
Вясёлы, жвавы ды румяны
Алесь
Здароўем дыша ўвесь,
Імпэтам нестрыманым,—
Вось чырвань, здэцца, капне з шчок.
А Грышка, хоць старэйшы трошкі,
Але крывыя мае ножкі
Ды галаву з гаршчок.
Але ж удвух яны заўсёды
Жылі-гулялі не без згоды,
Пакуль была гульня адна:
Рыгор за жарабца, Алесь за фурмана.

А раз нек выйшла між хлапцамі,
Што захацелі быць абодва жарабцамі:
I шыя ў кожнага дугой,
I землю кожны б'е нагой,
I вочы скошаны пад лоб,—
Пусціліся ўгалоп.
Алесь імчыцца, як на крыллі,
Зямлі нагамі не даткнецца,
А Грышка хліпае ў бяссіллі
Ды з кожным крокам астаецца,—
Хоць ты лажыся памірай.
Нарэшце злосць аж цераз край.
Тут камень ён схапіў з-пад ног,
Прыпаў каленам на траву
I з сілаю, наколькі мог,
Пусціў Алесю ў галаву.—
Бягун прысеў дый застагнаў...

Алеся Грышка абагнаў.
Дзе Грышку бачыў я, вы хочаце спытацца?
Сярод работнікаў мастацтва

1929

 

{jcomments on}