ПАМАГАТЫ

Жыў на вёсцы Бацька й Сын,—
Iм жа трэба есці.
Раз хацелі везці ў млын,
Дык на чым жа везці?
Бедняку не першыня
Гэтакія рэчы:
Як няма свайго каня,
То бяры на плечы.
Дык і ім не навіна
Разгадаць загадку:
Недалёка ад млына,
Можна цераз кладку.
Мех на плечы ўзяў Юнак,
Што ты ні кажы там:
Сіла сілаю, аднак...
Мех вялікі з жытам.
Да мяшкоў ён, праўда, спец —
Добра ўсё спачатку,
Але вось ужо Хлапец
Узышоў на кладку.
Памаленьку туп ды туп
Па жардзіне гнуткай,
А ўжо Бацька тут як тут
З дапамогай хуткай.
Толькі зменіць Сын нагу,
Кладка так і дыша...
«Я ж яму тут памагу,
Каб чаго не выйшла».
Хлопца трошкі мех хістаў —
Хоць бы даў ён рады!
Вось наш Бацька тут і стаў
Падаваць парады:
— Эх, нясе... курам на смех,
А сабе на шкоду.
Ды папраў ты трохі мех,
Бо зляціць у воду!
Зноў зваліў на правы бок.
Ну, прапала праца!
Ох, як бачу, галубок,
Будзеш ты купацца.
Хоць страляй яму ты ў лоб,
Так як тое дрэва.
Ці ты чуеш, асталоп?!
Пасунь мех улева!
Кудзе! Будзе! Стой! Назад!
Вось наўчы уроду!
Ўправа! Ўлева! Ах ты, гад!..
Шабулдых у воду.
З Сына мокрага цячэ,
Мех зусім заліўся,
Ну, а Бацька тут яшчэ
Горай наваліўся:
— Я ж казаў табе даўно:
«Паляціш, зараза».
Мех, Сынок, пайшоў на дно,
Хоць бы й ты з ім разам.
Так (няхай ён затане!)
«Памагаты» нейкі
Ледзь надоечы й з мяне
Не зрабіў калекі.

Напісаў... Дрыжу як ліст...
Стаў мне свет нямілы:
«Вось дзе,— скажуць,— ухіліст!
Зразу — два ухілы».
Скажуць, гну я не туды,
Супраць кіраўніцтва.
Чым давесці мне тады?
Як абараніцца?
Памагатым у адказ
Я сказаў бы: «Братцы!
Пацярпіце на той час,
Як я йду па кладцы!»

1932

 

{jcomments on}