ГАНАРЫСТЫ ПАРСЮК

 

  

 

 

 

 

 

 

 

Бывае, праўда вочы коле...
Раз гнаў пастух свіней у поле.
Адзін вялізарны Парсюк,
Які абегаў вёску ўсю,
За раніцу абшнырыў завуголле,
Цяпер такі меў выгляд важны,
Што носа не дастаць і сажнем —
Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,
А што ў самога на лычы,
Не бачыў гэтага, аднак.
I вось адзін тут Падсвінак,
Які заўважыў бруд раней,
I кажа: — Дзядзечка, твой лыч у брудзе!
Нязграбна гэта й між свіней,
А што ж, калі заўважаць людзі?
Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз'юшан:
— Цераз цябе я чырванець прымушан!
Такое мне сказаць асмеляцца нямногія,
Ды гэта ж — дэмагогія! —
Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:
— I месца мокрага,— крычыць,— не застанецца!
Ты мой свінячы гонар закрануў! —
I так ён Падсвінака грызянуў,
Што той за сажняў пяць адскочыў.
Парсюк не надта быў ахвочы
Глядзецца праўдзе ў вочы.

1927

 

{jcomments on}