ЗУБЫ

У Мамы зубы забалелі.
(Каб вы такой прыемнасці не мелі.)
За сківіцу ўхапіўшыся рукою,
Не знойдзе месца сабе Маці
Ні на дварэ, ні ў хаце
I енчыць, ходзячы з пакою да пакою.
Шчака ўзнялася, як гара,
Аж проста зайздрасць бярэ Волю.
I вось, скрывіўшыся, надзьмуўшы губкі,
Яна таксама енчыць «з болю»:
— Ой, мама, боля зубкі!
(А Волі — года паўтара.)

Калі плаксівага я стрэну юнака-паэта,
Дык мне заўсёды сцэнка гэта
На памяць просіцца сама —
Паэт нагадвае мне Волю:
Ён стогне ад зубнога болю,
А зубак то ў яго няма.
Эх, дзівакі! Хай той ад болю вые,
Ў каго ёсць карані гнілыя.

1927

 

{jcomments on}