МЯДЗВЕДЗІ

Паслухай вось, суседзе,
Што бацька мой расказваў мне.
Калісьці ў нашай старане
Вялося шмат мядзведзяў.
Цяпер-то рэдка тут яны,—
Згубілі войны ды аблавы,—
Тады ж па вёсках цыганы
Вадзілі іх дзеля забавы.
«Міхалка, дагары ляжы!
Міхалка, паскачы нам Юрку!
Міхалка, зараз пакажы,
Як баба крэхча на прымурку!»
Мядзведзь пакажа. Чаму не — уга!
Без меры жвавы наш Міхалка,
Бо ў носе кольца ланцуга,
А ў цыгана ж якая палка!
«Міхалка, казака танцуй!»
Панёс Міхась (бо давядзецца рэбрам).
Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг,
Цыган паважна звоніць срэбрам.
Міхалка скача — пот ліе,
А Цыгану даход дае.

Хто тут — Мядзведзь, а хто — Цыган,
Што заграбае чыстаган,
Не цяжка дагадацца:
Вы гляньце цераз акіян —
На іх «свабоднае» мастацтва.

1927

 

{jcomments on}