ПАЖАР

Нядрэнныя Брандмайстар вочы мае:
Надоечы здалёк
Убачыў ён дымок,
А дыму ж без агню, напэўна, не бывае.
— Пажар! Пажар! — сігнал трывожны.—
Гарыць! Скарэй! Гарыць!
I жвава рухаецца кожны
З трывогай на твары.
Гатова ўсё праз дзве хвіліны:
Вяроўкі, бусакі, драбіны...
Вось вынырнуў з агульнай кучы
Начальніка шалом бліскучы.
— За мной! Галопам — маррш! —
Скамандаваў Брандмайстар наш.
Абоз імчыцца па завулку,
Грыміць, і трубіць, і звініць.
Там дышлем цюкнулі бабульку,
Там зад адціснулі свінні.
Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць.
Прыджгалі: — Стой!— Нарыхтаваўшы кішку,
Пажарнікі збянтэжыліся крышку:
— А дзе ж пажар? То ж дзядзька люльку курыць.
— Табака добрая, чаму не пакурыць?
Аднак было б там лаянкі багата,
Ды толькі зноў — «Пажар! Гарыць!»
.....................................................
На гэты раз Брандмайстарава хата.
Ён, кажуць, праз дурную спешку
Закінуў сам у стружкі галавешку.

Быў крытык мой адзін заўзяты,
I ён цяпер сядзіць без хаты.

1929

 

{jcomments on}