ВОЛ I АВАДЗЕНЬ

Гарачым летнім днём
Вол з ворыва вяртаўся.
Напрацаваўся, аж хістаўся.
За ім жа куча аваднёў
Ляцела роем.
Вядома тут, з якім настроем
Ісці мог Вол:
Глядзеў сярдзіта навакол,
Махаў хвастом, круціў рагамі
I біў па чэраве нагамі.
— А, сябар!.. Добры дзень! —
Сказаў лісліва Авадзень,
Усеўшыся Валу на спіну: —
Як я цябе люблю! Які ты мілы!
Цябе я, сябар, да магілы
Ніколі не пакіну.
Я ўсюды за цябе пайду —
Ў агонь, і ў нетру, і ў ваду.
Цяпер жа вось да стойла давяду.
Але чаму такі ты злосны?
— Адстань, пракляты крывапівец!
I без цябе мне млосна,
Цябе ж я ведаю, паршывец! —
Сказаў сярдзіта Вол ў адказ.
Патом
Хвастом
Па спіне — раз! —
Зваліўся той, як сноп, далоў...
Нямала ёсць павадыроў,
Якія любяць люд працоўны
За тое толькі, бозумоўна,
Што любяць яго кроў.
Прамоў тых здрадніцкі-ўрачыстых
Даволі чулі мы і ад фашыстаў.
Але яны даждуцца дня —
Змахнуць і іх, як Авадня.

1923

 

{jcomments on}