ВАРОНА-МІТЫНГОЎШЧЫЦА

Крылатыя насельнікі старонкі нейкай
Цярпелі доўга здзекі.
Там панаваў страшэнны ўціск,
Там часта чуцен быў жалобны піск
Бязвіннае ахвяры.
I вось паўстаў крылаты пралетарый,—
I бура ўміг з зямлі змяла
Цара драпежніка арла.
Уціхла бура, кончана змаганне,
I вольных дзён настала ранне.
Увесь птушыны род там без разбору нацый
За творчай працай:
Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак —
Сваіх пісклівых корміць крошак,
Другі вартуе ў садзе дрэў —
Бароніць іх ад чарвякоў,
I працу ўсіх працаўнікоў
Бадзёрыць гучны спеў.
Адной вароне праца не пад густ.
I вось, усеўшыся на куст,
Ад рэшты грамадзян паводдаль,
— Ура! — крычыць яна.— Ура!
Няхай жыве свабода!
Між тым, абедаць бы пара,
Бо есці хочацца Вароне.
— Ужо й не рана, здэцца, сёння,
Ці зараз пададуць абед? —
Спытала ў Ластаўкі яна.
— Ніхто, сястрыца, не падасць табе,—
Вароне адказала тая,—
Бо кожны з нас абед у працы здабывае,
I не працуеш толькі ты адна.
— Ну, це брашы, а я ж вось мітынгую.
— Дык і знайдзі варону ты другую,
Якая б тут табе паслугавала,
А ў нас няма паслугачоў.
Бывай здарова! — Ластаўка сказала.—
Дарэмна траціць час я не хачу.
I давялося той адной
Дзяўбці смярдзючы конскі гной.

Дык вось, чытач, ты сам здароў
Павінен добра тое ведаць,
Што, каб прымусіць працаваць такіх «варон»,
Не трэба ім даваць абедаць.

1925

 

{jcomments on}