ЯНКА I КАРЛА

Янка і Карла суседзі былі,
Ды розныя сцежкі іх змалку вялі:
Янка вучыўся жыццё будаваць,
Карла вучыўся людзей забіваць;
Янка насіў на руках мазалі,
Ў Карлы яны не ў пашане былі;
Янка асушваў абшары балот,
Карла, як сыч, паглядаў цераз плот;
У Янкі на багне пшаніца расла,
У Карлы ад прагнасці слінка цякла;
У Янкі ад працы дом поўны дабра,
I Карла тут рушыў, сказаўшы: «Пара».
У двор ён да Янкі ідзе напралом,
Зрывае замкі ўсе, ўрываецца ў дом.
Тут Янка насустрач: «Што робіш?! Пастой!»
А Карла адказвае: «Дом гэты мой».
Янка пярэчыць, а Карла сваё:
«I статак, і свіран, і збожжа — маё».
Тут Янка да жонкі: «Мо сплю гэта я?»
А Карла за жонку: «I баба мая».
Янка абураны: «Гэта ж разбой!»
А Карла за Янку: «I сам жа ты мой.
Горы варочаць ты ўмееш гарбом,
Будзеш нядрэнным нямецкім рабом».
А Янка: «Ніколі, ва векі вякоў!»
А Карла як суне у твар кулаком:
«На тое парадак у нас і прымус.
На тое я — немец, а ты — беларус.
За гонар яшчэ палічы для сябе,
Што буду сядзець я ў цябе на гарбе».
Ад слоў гэтых Янку аж кінула ў жар.
Уцёр рукавом ён скрываўлены твар,—
Ад крыўды і гневу нутро ўсё гарыць,
I болей ён з Карлам не стаў гаварыць,—
Як скінуў Янук апранаху з плячэй,
Як спляжыў ён Карлу між прагных вачэй:
«Мяне захацеў ты? Дык на ж вось, бандыт!»
I вылезлі вочы ў фашыста з арбіт,
I бразнуўся Карла, сказаўшы: «Капут!»
Вось гэтак наш Янка пазбыўся пакут.

1944

{jcomments on}