НА БАБРУЙСКАЙ ШАШЫ

Імчыць наш газік. Па баках —
З крыжамі танкі, лом усякі,
I ўсцяж — павержаныя ўпрах
Былыя Гітлера ваякі.
Брыдуць жывыя стараной,
Дакладней — ледзь жывыя фрыцы.
А гэта што там за герой?
Арыйка, мабыць,— у спадніцы.
Не разбярэш адразу тут:
Адзета постаць недалужна:
— Што? Дзеўка?
— Найн. Штаны капут,—
«Герой» нам адказаў паслушна.
Адзін з фашысцкіх бараноў —
Ён марыў пакарыць планету,
I вось пляцецца без штаноў
Плюгавы «заваёўнік свету».
Імчыць наш газік... Той жа лом,
I тыя ж трупы ўздоўж дарогі,
I фрыц, што сам ідзе ў палон,—
Адзнакі нашай перамогі.
«Дрыжыце ўсе, ён сілу льва займеў!» —
Крычалі халуі пра Гітлера-ваяку.
Мы ж, не пазнаўшы, што ён — леў,
Пабілі проста — як сабаку.

1944

{jcomments on}