ФРЫЦАВЫ ТРАФЕІ

«На Маскву табе маршрут»,—
Інфармуюць Фрыца.
Фрыц сказаў бадзёра:
«Гут! Можна пажывіцца».

Сала, масла, цукар, мёд
Гітлераўца вабяць:
Фрыц — плячысты на жывот
I мастак паграбіць.

Майстар «арганізаваць»
Вопратку, абутак;
А Маскву збіраўся ўзяць
Ён за двое сутак.

Роўнай стужкаю бяжыць
На Маскву дарога.
Па абочынах ляжыць
Мёртвых фрыцаў многа.

Шар парожняй галавы
Фрыц схіляе ніжай:
Недалёка да Масквы,
А да смерці бліжай.

Фрыц штодзень чакаў бяды
I сядзеў у шчэлі,
А фашысцкія рады
Больш і больш радзелі.

Чалавек мо дваццаць пяць
Засталося з роты...
Фрыц паспеў, аднак, прыдбаць
Ялавыя боты.

Фрыц зрабіў усё, што мог,
I сягоння рана
Сілай здзёр ён боты з ног
На сяле ў Івана.

Ціха крадзецца Іван
Да фашыста-ката;
У руцэ яго наган,
У другой — граната.

Захапіў паветра — ўзмах,
Гром і бліскавіца!..
I застыў на момант жах
У вачах у Фрыца.

Колаў стук сярод палёў,
Слуп рухомы дыму:
Едзе Фрыц з вайны дамоў,
Едзе на радзіму.

Ён зрабіў усё, што мог:
Боты тут, з сабою.
Не хапае толькі ног:
Ногі... пад Масквою.

1941

{jcomments on}